2025 г. — 485 гадоў з пачатку будаўніцтва канала Бона (Кобрынскі р-н; 1540), найстарэйшага меліярацыйнага канала Беларусі
У кнізе «Памяць. Кобрынскі раён» у раздзеле кароткай ілюстраванай храналогіі 1540 г. адзначаны як час пракладання па тэрыторыі Кобрынскага раёна канала каралевы Боны — першага вядомага на Беларусі меліярацыйнага аб’екта.
19 чэрвеня 2025 г. — 90 гадоў з часу ўтварэння інспекцыі па справах непаўналетніх Кобрынскага РАУС (1935)
Сваю гісторыю інспекцыя па справах непаўналетніх (ІСН) бярэ з часоў грамадзянскай вайны. Пасля яе заканчэння ў краіне была распаўсюджана такая з'ява, як дзіцячая бездагляднасць, павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Барацьба з бездагляднасцю і правапарушэннямі непаўналетніх пачала разглядацца як частка адзінай справы аховы дзяцінства. Для вырашэння гэтай задачы паўсюдна ствараліся дзіцячыя сацыяльныя інспекцыі, якія ў той час знаходзіліся ў падпарадкаванні Народнага камісарыята сацыяльнага забеспячэння. І толькі ў ліпені 1929 г. абавязкі па папярэджанні правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца дзецьмі, была ўскладзена на міліцыю. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць стварэння ў краіне спецыялізаваных падраздзяленняў міліцыі, якія павінны былі змагацца з дзіцячай бездагляднасцю і правапарушэннямі.
2025 г. — 120 гадоў з пачатку падзей Першай рускай рэвалюцыі на Кобрыншчыне (1905–1907)
У гісторыі Беларусі 1905 г. стаў годам значных узрушэнняў і змен, звязаных з падзеямі Першай рускай рэвалюцыі 1905–1907 гг. Рэвалюцыйны рух, які ахапіў краіну, знайшоў водгук і на Кобрыншчыне.
3 ліпеня 2025 г. — 80 гадоў з часу стварэння Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ (Кобрын; 1945)
Свой пачатак Кобрынска-Маларыцкая міжраённая арганізацыйная структура ДТСААФ бярэ з 1945 г. як Кобрынскі райсавет Асаавіяхіма (арганізацыя саюза таварыстваў абароны і авіяцыйна-хімічнага будаўніцтва). Днём стварэння структуры афіцыйна ўстаноўлена 3 ліпеня 1945 г.
1 чэрвеня 2025 г. — 60 гадоў з часу стварэння Адкрытага акцыянернага таварыства «Кобрынскі сельскі будаўнічы камбінат» (1965)
Адкрытае акцыянернае таварыства «Кобрынскі сельскі будаўнічы камбінат» — адно са старэйшых будаўнічых прадпрыемстваў раёна. Сваю працоўную біяграфію пачало з 1 чэрвеня 1965 г. як Кобрынскі завод жалезабетонных вырабаў (загад па Брэсцкім Аблміжкалгасбуду № 137 ад 10.06.1965 г.).
2025 г. — 85 гадоў з часу стварэння Кобрынскага раённага спажывецкага таварыства (1940)
На падставе Устава раённага Саюза спажывецкіх таварыстваў, зацверджанага Пастановай Прэзідыума Цэнтрасаюза, у 1940 г. быў створаны Кобрынскі раённы Саюз спажывецкіх таварыстваў, у задачы якога ўваходзіла арганізацыя кааператыўнага гандлю. У гэтых мэтах Кобрынскі райспажыўсаюз арганізаваў на тэрыторыі свайго раёна Тэвельскае, Жухавецкае, Лепясоўскае, Залескае і Пескаўскае спажывецкія таварыствы.
65 гадоў з часу пабудовы Кобрынскага раённага Дома культуры (1960), які ў 2009 г рэкунструяваны ў Палац культуры
Кобрынскі раённы Дом культуры пабудаваны ў 1960 г. па вул. Леніна, 4. Гэта быў двухпавярховы цагляны будынак з мансардай.У Доме культуры праводзіліся тэматычныя вечары, танцы, чыталіся лекцыі і даклады, працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці: харавы, драматычны, танцавальны, вакальны, мастацкага слова, эстраднага аркестра. З 1964 г. пры Доме культуры створана і пастаянна працавала мастацкая агітбрыгада.
1 чэрвеня 2025 г. — 65 гадоў з дня ўтварэння Кобрынскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь (1960)
У сістэме Міністэрства ўнутраных спраў БССР 29 кастрычніка 1952 г. было створана спецыяльнае падраздзяленне пазаведамаснай аховы. Загадам ад 1 чэрвеня 1960 г. № 151 УУС г. Брэста быў утвораны Кобрынскі аддзел пазаведамаснай аховы пры аддзеле ўнутраных спраў Кобрынскага гаррайвыканкама. Першым начальнікам аддзела стаў старшы лейтэнант міліцыі Аляксей Сямёнавіч Буневіч, які ўзначальваў яго да 1979 г. У той час у аддзяленні было шэсць атэставаных супрацоўнікаў і ахоўвалася вартаўнічым складам 20 аб'ектаў, як правіла, дзяржаўных прадпрыемстваў.
8 мая 2025 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Міхайлавіча Сушчука (1925–2005), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, грамадскага дзеяча
Аляксей Міхайлавіч Сушчук нарадзіўся 8 мая 1925 г. у в. Кустовічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай сялянскай сям'і. Бацька, Міхаіл Гаўрылавіч, быў працавітым гаспадаром, але пракарміць сям'ю з васьмі чалавек селяніну было цяжка. Большая частка ўраджаю ішла на выплату падаткаў.
2025 г. — 110 гадоў з пачатку нямецкай акупацыі Кобрыншчыны (1915–1918) падчас Першай сусветнай вайны
У жніўні 2025 г. спаўняецца 110 гадоў з таго моманту, калі падчас Першай сусветнай вайны былі акупаваны заходнія тэрыторыі сучаснай Беларусі. Кобрыну, невялікаму мястэчку на заходняй ускраіне Расійскай імперыі, пашанцавала не стаць прыфрантавым горадам. У яго наваколлях не было значных баёў, не праходзіла лінія фронту. Але тэрыторыя падвергнулася працяглай акупацыі нямецкімі войскамі, былі панесены велізарныя людскія і матэрыяльныя страты. У выніку спешнай эвакуацыі знік архіў і ўсе ўнікальныя кобрынскія рэліквіі.